CqQRcNeHAv

Тату

Як навучыцца майстэрству татуіроўкі? Як малюнкі на скуры змяняюць лёс чалавека? Чаму стала модна маляваць арнамент? На гэтыя і шэраг іншых пытанняў адказвае музыкант і майстар па тату Алесь Таболіч.

— У інтэрнеце вас называюць “галоўным язычнікам Беларусі”. Ці шмат у нашай краіне людзей з такімі поглядамі?

— На мой погляд, беларусы — самы язычніцкі народ у свеце. Нідзе язычніцтва не атрымала такога распаўсюджвання: ні ў Расіі, ні ва Украіне, ні ў Польшчы. У нас заўсёды ішла барацьба паміж каталіцтвам і праваслаўем. Таму захоўвалася свабода веравызнання і магчымасць верыць у тое, у што пажадаеш. Упэўнены, што рэшткі язычніцкага веравызнання захаваліся дагэтуль. Нездарма жанчыны носяць чырвоныя ніткі, каб іх не сурочылі. Іншыя баяцца, што хтосьці можа нашаптаць, не так паглядзець.

Сам я веру толькі ў асобныя забабоны. Дакладна не ў чорнага ката, які перабяжыць дарогу. (Смяецца.) Мая бабуля была шаптухай. Памятаю, як у дзяцінстве захварэў. Бабуля прашаптала некалькі замоў, і тэмпература адразу знікла.

— Атрымліваецца, язычніцкія погляды сфарміраваліся ў вас дзякуючы бабулі?

— Не толькі. На Палессі, дзе я нарадзіўся, усё язычніцкае. У дзяцінстве я шмат слухаў, як спяваюць нашы вясковыя бабулі. З часам зразумеў, што беларусы — самы пявучы народ у свеце. Нідзе няма такога багатага фальклору, як у Беларусі. У Польшчы і Расіі, хоць яны нашы суседзі, мала калектываў, якія арыентуюцца на абрадавасць і аўтэнтыку. У нас такіх гуртоў больш, чым ва ўсёй Расіі. Прыкладам таму — расійскі электронны гурт “Іван Купала”, які перапрацоўвае фальклор. Але на 80% гэта беларускія песні. Так, у краінах Балтыі праходзяць спеўныя фестывалі. Але ў Беларусі спевы гучаць з душой і светла, а там прысутнічае змрочнасць, адчуваецца ваярскі дух. Нездарма самым папулярным беларускім гуртом былі мулявінскія “Песняры” савецкага часу, а не “папсавікі” або “рокеры”. Бо фальклорнасць блізкая да ментальнасці нашага народа, да яго вытокаў і да язычніцкай культуры.

Мы нават не здагадваемся, колькі слядоў пакінула язычніцтва. Паглядзіце, усе жанчыны хочуць быць прыгожыя, каб падабацца мужчынам. Але ж гэта прыродная, язычніцкая з’ява, а ніяк не хрысціянская.

— Фальклор блізкі да вытокаў беларускай культуры. А татуіроўкі?

— Калі чалавек набівае сабе малайзійскія арнаменты ці японскія іерогліфы, яны не адпавядаюць сутнасці беларускай культуры. А арнаментальная татуіроўка перадае аўтэнтыку народа. Яны нават выконваюць ролю абярэгаў.

— Няўжо татуіроўкі маюць сваю энергетыку?

— Так, яны нават могуць змяніць лёс чалавека. Напрыклад, нельга набіваць скандынаўскія руны. Колькі я ведаю людзей з такімі татуіроўкамі, у іх жыцці пачыналі адбывацца не вельмі добрыя, дзіўныя рэчы. Калі бачу не зусім адэкватныя татуіроўкі, іх уладальнікі будуць прыкладна такімі ж.

— Але, напэўна, татуіроўку можна выдаліць?

— У нашым салоне суадносіны такія: шэсць татуіровак робяцца, адна выдаляецца. Здараюцца розныя выпадкі. Хтосьці іх рабіў у маладосці (кшталту “За ВДВ!”). Іншыя — у п’яным стане. Камусьці зладзілі скандал бацькі. Але выдаліць татуіроўку не так проста, як зрабіць. Гэта робіцца цягам года або нават двух з дапамогай лазера.

— Стварэнне татуіровак — работа для заробку?

— Гэта яшчэ і мастацтва. Толькі, на жаль, не ўсе ў гэтым са мной згодны. Напэўна, такія людзі яшчэ з савецкіх часоў блытаюць татуіроўку з зэкаўскай наколкай. Не дзіва, што дзяржава не ўключыла гэту прафесію ў рэестр. Згодна з працоўнай кніжкай, я і мае калегі — “мастакімадэльеры”. Між тым у Мінску каля 20 толькі афіцыйных салонаў, куды ходзяць сотні людзей. Да мяне запісваюцца на тыдзень наперад. У дзень прымаю 5—8 чалавек на перманентны макіяж. У сярэднім атрымліваецца паўтары сотні чалавек у месяц. А ёсць майстры, да якіх запісваюцца на год наперад.



— А дзе можна навучыцца майстэрству татуіроўкі?

— Нідзе. Так, у нас у салоне ёсць курсы, пасля заканчэння якіх можна атрымаць сертыфікат. Але гэта неафіцыйны дакумент. Трэба хаця б адзін раз на пяць гадоў выпускаць з Акадэміі мастацтваў спецыялістаў такога профілю, як “мастак-татуіроўшчык” і “мастак перманентнага макіяжу”. Асабіста я не вучыўся на татуіроўшчыка. Аднак калі ты мастак, то зможаш маляваць усюды — хоць на паперы, хоць на целе, хоць на камені. Але ж толькі атрымаўшы спецыяльную мастацкую адукацыю, ты зможаш зрабіць татуіроўку дасканала і прыгожа.

— Каго з зорак можна ўбачыць у вашым салоне?

— Да нас у салон прыходзілі спевакі Алеся, Дзядзя Ваня, Руся. Калісьці раней — Ксенія Сітнік. Але тады яна яшчэ была маленькая, таму татуіроўку ёй не зрабілі. З футбалістаў — тагачасны варатар БАТЭ і зборнай Беларусі Аляксандр Гутар (цяпер ён гуляе ў мінскім “Дынама”). Папрасіў набіць яму імя любімай дзяўчыны. Я запытаўся: “А калі вы разыдзецеся, і дзяўчына будзе іншая”. “Не падумаў”, — пачухаў патыліцу Гутар і сышоў ні з чым.

— Гэта публічныя асобы. А як справы з шараговымі мінчанамі?

— У нейкім сэнсе татуіроўка — гэта мужчынскі боль і мужчынская пазіцыя. Але мужчыны набіваюць татуіроўкі рэдка. З нашых кліентаў іх каля 20%. Затое калі яны нешта набіваюць, дык адразу глабальную рэч — напрыклад, на ўсю спіну скандынаўскага бога Тора або быка. Жанчыны і дзяўчаты прыходзяць часцей, але ім хапае матыля або кветачкі.

— Якія татуіроўкі цяпер найбольш папулярныя?

— Арнаментальная татуіроўка. Ля вытокаў яе раскруткі стаялі я і мая будучая жонка Алеся. Яшчэ да вяселля мы зрабілі сабе аднолькавыя арнаментальныя татуіроўкі — як сімвал трываласці нашых адносін. Пазней на канвенцыі (спаборніцтве ў тату-сферы), што ладзілася ў Кіеве ў 2008 годзе, арнаментальная татуіроўка заняла другое месца (першае месца арганізатары аддалі сабе). Яе ўзор надрукавалі ў знакамітым польскім часопісе “Тату-фэст”. Пайшлі водгукі. З таго часу арнамент пачаў уплываць на індустрыю. Апроч таго, папулярны олдскул (настальгія па мінуламу, часцей за ўсё па СССР), гістарычныя татуіроўкі, цытаты з песняў. Аднойчы набіў аднаму мужчыне на спіне здаровым шрыфтам фразу: “Зроблена ў Беларусі”.



— Наколькі айчынныя татуіроўкі адрозніваюцца ад замежных?

— Наогул, уся фестывальная тату-індустрыя вельмі падобная адна на адну. Што ў Германіі, што ў Швейцарыі, што ў ЗША. Асаблівай розніцы не бачу. У Беларусі ўсё больш індывідуальна.

КРЫХУ ГІСТОРЫІ

Наносіць малюнкі на цела людзі пачалі задоўга да нашай эры, і, відавочна, пазбаўляцца ад гэтай старажытнай традыцыі чалавецтва не спяшаецца. Наадварот, у сучасным свеце дэкарыраванне цела разглядаецца не толькі як разнавіднасць бодзі-арта, але і прэтэндуе на самастойнае жыццё ў мастацтве. А ў апошнія гады і зусім стала масавай з’явай, пакінуўшы ў цені сваё крымінальнае мінулае.

Аднак не ўсюды татуіраванне — атрыбут моды. Напрыклад, у народа маоры, які пражывае ў Новай Зеландыі, гэта сакральны абрад. У Японіі да 500 года ўпрыгожванне цела татуіроўкай было прывілеяй імператараў, пазней яно ператварылася ў дэкаратыўнае мастацтва і стала сімвалам злачыннага свету.

У іудаізме, хрысціянстве і ісламе склалася адмоўнае стаўленне да татуіровак. Першапачаткова ў славян іх увогуле не было. І толькі ў пачатку ХХ стагоддзя яны з’явіліся ў асобных рускіх матросаў, якія запазычылі гэту “моду” за мяжой.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ, denis.martsinovich@gmail.com

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.